ПАДУ́ШНЫ ПАДА́ТАК,
асноўны прамы падатак у Рас. імперыі ў 18—19 ст. Уведзены ў 1724. Ім абкладалася ўсё мужчынскае насельніцтва падатковых саслоўяў паводле перыяд. перапісаў. На Беларусі П.п. уведзены замест падворнага абкладання (гл. Падымнае) у канцы 18 ст. ў памеры каля 1 руб. серабром. У снеж. 1772 жыхары ўсх. Беларусі вызвалены ад П.п. на паўгода, у крас. 1793 у цэнтр. Беларусі — на 2 гады. У 1797—1807 ва ўсіх бел. губернях дзярж. падаткі браліся ў меншым памеры, але да 1811 яны збіраліся тут не асігнацыямі, а серабром, рэальны курс якога быў намнога вышэйшы. У 1863 П.п. з цэхавых рамеснікаў і мяшчан заменены падаткам на нерухомую маёмасць і да сярэдзіны 1870-х г. быў чыста сельскім падаткам. Памеры яго павялічваліся. У 1867 па рэгіёнах Рас. імперыі П.п. вагаўся ад 1,15 да 2,61 руб. з рэвізскай душы, а па 5 зах. губернях (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) — ад 1,34 да 1,85 руб. ў залежнасці ад губерні. Да дзярж. падушных збораў належалі таксама земскі падушны збор з сялян на казённыя выдаткі і грамадскі збор з дзярж. сялян, уведзены на пач. 1840-х г. У сярэдзіне 1860-х г. у Еўрап. Расіі падушныя зборы складалі каля 70% агульнай сумы прамых падаткаў. У 1870-я г. ў 5 зах. губ. П.п. дасягаў у залежнасці ад губ. 1,52—2,44 руб. з рэвізскай душы. У 1867—85 аклад падушных збораў складаў тут у сярэднім 2,8 млн. руб., або больш за 1/3 агульнай сумы сял. збораў. Феад. характар П.п., вял. нядоімка, адмовы насельніцтва плаціць, узмацненне сял. руху прымусілі ўрад з 1887 адмяніць падушныя зборы ў еўрап. ч. краіны.
Літ.:
Троицкий С.М. Финансовая политика русского абсолютизма в XVIII в. М., 1966;
Неупокоев В.И. Государственные повинности крестьян Европейской России в конце XVIII — начале XIX в. М., 1987.
В.П.Панюціч, У.А.Сосна.
т. 11, с. 508
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)